История, традиции, достижения учреждения образования

Гісторыя адукацыі на Лебедзеўшчыне

развернуть

 Першыя вядомыя крокі для арганізацыі навучання ў Лебедзеве былі зроблены яшчэ ў ХVІІ ст. У архіўных дакументах, якія маюць дачыненне да Лебедзеўскага касцёла, ёсць інфармацыя, што ў 1681 г. пры касцёле існавала парафіяльная школа. Як ужо адзначалася вышэй, у ёй ў 1782 г. вучыліся 3 вучні: адзін са шляхты, двое - з халопаў.

 У 1860 г. у Лебедзеве было адкрыта народнае вучылішча (народная школа), якое знаходзілася пад апекай праваслаўнай царквы. Падчас Першай сусветнай вайны, нягледзячы на ваенныя дзеянні, непадалёку ад Лебедзева, народнае вучылішча працягвала сваю працу.

Пасля Першай сусветнай месца ў школе (пазней там быў сельскі клуб) для ўсіх вучняў не хапала, таму дадаткова арандавалі памяшканні ў мясцовага насельніцтва.

У 1935 г. пачалося будаўніцтва новай школы. Ініцыятарам будаўніцтва і яе першым дырэктарам быў Стэфан Батоўскі. На бацькоўскім сходзе ён прапанаваў пабудаваць новую школу сваімі сіламі. Бацькі і мясцовая адміністрацыя гміны падтрымалі гэту прапанову. Месца было выбрана непадалёк ад старой школы.

Неўзабаве закіпела работа. Будаўніцтва храма навукі было сапраўднай народнай будоўляй. Мясцовыя жыхары ў ваколіцах мястэчка збіралі каменне, капалі і вазілі пясок, выконвалі цяслярскія і сталярныя работы. У асноўным праца была ручная. Але ніхто не скардзіўся: стараліся для сябе, для сваіх дзяцей. Лес вазілі чыгуначным транспартам з Налібоцкай пушчы на станцыю Пруды, а адтуль – у Лебедзева на конях. Шлях быў няблізкі. Частка сродкаў на будаўніцтва школы была выдаткавана дзяржавай. У 1937 г. школу пабудавалі, і яна стала насіць імя Юзэфа Пілсудскага. Новая школа, як і ранейшая, была сямігодкай. Новая школа працавала да 1941 г. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў школе размясціліся немцы, але заняткі з дзецьмі ўсё ж не былі спыненыя. Частка іх вучылася ў хатах мясцовых жыхароў, другая – займалася ў будынку былога сельсавета, вучні другога класа – у бараку на выгане. Навучанне вялося на беларускай мове (да 1939 г. – на польскай). Нямецкая мова выкладалася як школьны прадмет. Вывучаліся гісторыя і геаграфія Беларусі, матэматыка, спевы і іншыя прадметы. Беларускую мову выкладаў дырэктар школы Пятро Станіслававіч Зяновіч, матэматыку – Васіль Сідаравіч Вяль і Пятро Пятровіч Моліс, інжынер па спецыяльнасці. Калі ў Лебедзева перабраўся жыць Барыс Уладзіміравіч Кіт, ён праводзіў урокі матэматыкі і нямецкай мовы. Нямецкую мову таксама вёў і настаўнік Вяршыцкі. Ганна Андрэеўна Ельяшэвіч займалася з дзецьмі спевамі. Усе падручнікі, якія выдаваліся ў Вільні, былі на беларускай мове

Напярэдадні вайны, у 1939–1941 гг., працавалі пачатковыя школы і ў навакольных вёсках Малая і Вялікая Боркаўшчына. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1948 г., былі адкрыты пачатковыя школы ў вёсках Мароські і Маліноўшчына. Падчас першага навучальнага года ў Маліноўшчыне вучылася 88 дзяцей.

Праз два месяцы пасля вызвалення мястэчка ад фашыстаў, у верасні 1944 г., пачала сваю работу Лебедзеўская сямігодка. Было вельмі шмат праблем – не хапала падручнікаў, многія вучні не мелі сшыткаў, ручак і алоўкаў. Школа не мела патрэбнага абсталявання да ўрокаў хіміі і фізікі. Значна змяніўся склад настаўнікаў. У школе пачалі працаваць настаўнікамі як прыезджыя, так і ўраджэнцы навакольных вёсак. Першым пасляваенным дырэктарам школы стаў Палікарп Фёдаравіч Бацюкоў.

У 1946 г. Лебедзеўская сямігодка была ператворана ў дзесяцігодку. Гэта была першая ў Маладзечанскім раёне сярэдняя школа. Першы яе выпуск, які складаўся з дзесяці чалавек, адбыўся ў 1948 г. Пры школе працаваў літаратурна-драматычны гурток, а многія настаўнікі і вучні старэйшых класаў спявалі ў харавым калектыве. Якасць падрыхтоўкі настаўнікаў Лебедзеўскай сярэдняй школы была даволі высокая – ужо ў 1950-х гг. палова педагогаў мела вышэйшую адукацыю.

У 1959 г. адбываецца рэфармаванне сярэдніх школ з дзесяцігадовым тэрмінам навучання, ствараюцца адзінаццацігадовыя палітэхнічныя школы з вытворчым навучаннем. У сярэдзіне 1960-х гг. вучні школы актыўна далучаліся да практычнай працы і вытворчага навучання. За ўзорную пастаноўку даследчай работы на прышкольным вучэбна-доследным участку Лебедзеўская сярэдняя школа была ўдзельніцай «Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР». У 1970-я гг. значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база школы і пры ёй быў створаны міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат. У ім вучыліся вучні старэйшых класаў школы і бліжэйшых сярэдніх школ па чатырох спецыяльнасцях – трактарыст, аператар машыннага даення, прадавец і шафёр.

Сярод выкладчыкаў Лебедзеўскай сярэдняй школы шмат заслужаных ветэранаў педагагічнай працы: Заслужаная настаўніца школ Беларусі Марыя Рыгораўна Семашкевіч, былы дырэктар школы Аляксей Аляксандравіч Станчук-Ляўчук, настаўніца матэматыкі Антаніна Паўлаўна Раманоўская, настаўнік фізікі Яўген Сямёнавіч Семашкевіч, завуч і настаўнік фізікі Генадзь Антонавіч Бубен і іншыя. Усе названыя і неназваныя педагогі заслугоўваюць шмат слоў удзячнасці за іх нялёгкую, але вельмі патрэбную працу.

У 1971 г. Лебедзеўская сярэдняя школа справіла наваселле. У цэнтры населенага пункта быў пабудаваны трохпавярховы школьны будынак. У школе ў той час вучылася больш як 600 дзяцей і працавалі 44 настаўнікі. У 1973 г. калектыў настаўнікаў школы ўзначаліў Валерый Паўлавіч Качаргін.

Плённай была праца настаўнікаў і адміністрацыі школы ў 1980–1990-я гг. Добра працуюць і працягваюць лепшыя традыцыі педагогаў мінулага часу і цяперашнія настаўнікі.

За час існавання Лебедзеўскай школы сярэднюю адукацыю ў ёй атрымалі больш за дзве тысячы выпускнікоў. Сярод іх вялікая колькасць спецыялістаў-настаўнікаў. Многія выпускнікі школы маюць вучоныя ступені дактароў і кандыдатаў навук. Шмат сярод выпускнікоў школы ваенных, інжынераў, медыкаў. Сярод нашых выпускнікоў – генерал-маёр паліцыі Расійскай Федэрацыі – Карташэвіч Яраслаў Георгіевіч.

свернуть