Вывучэнне гісторыі роднага краю, знаёмства з яго духоўнай і матэрыяльнай культурай дапамагае нам зберагчы спадчыну, адчуць духоўную і кроўную роднасць з далёкімі продкамі, якія збераглі, абаранілі гонар і свабоду нашай Радзімы. Нацыянальныя асаблівасці народа дапамагаюць лепш зразумець і спасцігнуць агульначалавечыя каштоўнасці. Гэта вельмі важна ў сённяшніх умовах, калі Беларусь набыла незалежнасць, але, як і раней, застаецца шматнацыянальнай дзяржавай.
Важным звяном выхавання і навучання ў Лебедзеўскай СШ з’яўляецца гісторыка-краязнаўчы музей “Спадчына”. Ён заснаваны ў 1984 годзе і быў створаны сіламі калектыву настаўнікаў, вучняў і грамадскасці.
Кожны населены пункт мае сваю гісторыю. Аграгарадок Лебедзева ў нашым раёне адзін з самых старажытнейшых, гісторыя яго даўняя і цікавая. Пра яе расказваюць шматлікія экспанаты і экспазіцыі музея.
Спачатку невялікая экскурсія ў мінулае нашага аграгарадка каб лепш зразумець, у якім напрамку працуе наш музей, пра што расказваюць наведвальнікам нашы экскурсаводы.
Пачынаем мы падарожжа ў музеі з легенды пра паходжанне назвы Лебедзева. Яна вельмі цікавая і падобная на праўду. Згодна з ёй, населены пункт узнік на месцы вялікага возера. Пасярод яго, на востраве, здаўна жылі лебедзі і ахоўвалі плаціны і дамбы.
Першай пісьмовай гістарычнай крыніцай, у якой упамінаецца Лебедзева, з'яўляецца дароўная грамата вялікага князя літоўскага Ягайлы ад 25 красавіка 1387 года, якую ён падпісаў на Трокскае, Мінскае і Полацкае княжанні брату князю Скіргайлу. Узнікла наша вёска на старой дарозе, што вяла ў княжацкі горад Крэва. Упамінаецца населены пункт і ў іншых гістарычных дакументах. У Наўгародскім летапісе 16 стагоддзя Лебедзева знаходзіцца ў пераліку літоўскіх гарадоў, што падкрэслівае яго важнасць. Лічылі яго прыватнаўласніцкім горадам, гэта значыць ён не меў магдэбурскага права. Уладальнікамі Лебедзева былі буйныя феадалы Гальшанскія, Капытоўскія, Гарбоўскія, Давідовічы, Радзівілы, Міцкевічы і іншыя.
Вядома, што людзі жылі на тэрыторыі сучаснага аграгарадка і раней. Доказам гэтага з'яўляецца лебедзеўскае гарадзішча. Назва яго – Царковішча, мясцовасць, дзе яно знаходзілася, завуць – Старое сяло. Адсюль і бярэ пачатак наша вёска. Царковішча датуецца жалезным векам і адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі (балцкая культура 7– 6 ст. да н.э. – 4–5 ст. н.э.).
Ужо у 15 ст. Лебедзева – адміністрацыйны, гандлёвы і культурны цэнтр усёй акругі. Пазней, у 16–17стст., мястэчка спалучала ў сябе архітэктурна-будаўнічыя абрысы горада і вёскі з пэўнай сістэмай вуліц і гандлёвай плошчай у цэнтры. Існавалі тут і "дом гарадскі", мураваны кальвінісцкі збор (тып рэфармацкага храма), касцёл, царква, сінагога, каталіцкая і праваслаўная капліцы. Гэтыя звесткі мы знаходзім у інвентары за 1579 год, а таксама ў іншых дакументах 16–19 стст. У 1681 г. пры касцёле дзейнічалі шпіталь і альтарыя, крыху пазней была адкрыта парафіяльная школа. У архіўных дакументах ёсць інфармацыя, што ў 1782 годзе ў парафіяльнай школе вучыліся тры вучні: адзін са шляхты і двое з халопаў. У 1860 г. пры Лебедзеўскім Свята-Троіцкім храме было адкрыта народнае вучылішча. У ім ў 1861 годзе вучылася 10 чалавек.
Аграгарадок Лебедзева і прылягаючыя да яе населеныя пункты маюць багатую гісторыю. На іх тэрыторыі на працягу больш шасці стагоддзяў адбылося шмат цікавых падзей і з’яў. Галоўная скарбніца любой мясцовасці – гэта людзі. Ім у музеі прысвечаны многія стэнды. Тут у свой час нарадзіліся, вучыліся і працавалі знакамітыя людзі. Адзін з іх гісторык Генадзь Каханоўскі (слайд 7). Адна з экспазіцый музея расказвае пра яго як вучонага, аўтара многіх навуковых манаграфій. Яго кнігі “На запаветнай зямлі”, “У родным краі”, “Адчыніся, таямніца часу” і іншыя паказваюць нам яго як літаратуразнаўцу і пісьменніка. Ведаем мы таксама Г. Каханоўскага як фалькларыста і краязнаўцу.
Яшчэ адна асоба, якой мы ганарымся – мастак Раман Семашкевіч. Напэўна, у той час у Беларусі сярод мастакоў такой велічыні не было. Вельмі высока ацаніў творчыя здольнасці Рамана Семашкевіча ў 20-30 гады 20 ст. вядомы мастацкі крытык Сяргей Ромаў, які асабіста быў знаёмы з П. Пікасо, А. Матысам, А. Марке і іншымі знакамітымі людзьмі. Сярод мастакоў С. Ромаў быў вялікім аўтарытэтам. У кнізе «Мастакі группы «13» сказана: «Семашкевіч – яркая і загадкавая фігура савецкага мастацтва 20-30-х гадоў». Вядомы даследчык савецкай літаратуры Н.І. Харджыеў лічыў Рамана Семашкевіча найбольш таленавітым з усёй группы «13». Самародак – гаварылі пра яго мастакі группы «13». Буйныя дзеячы літаратуры і мастацтва былі яго прыхільнікамі: У. Татлін, З. Удальцова, Т. Маўрына, Кукрыніксы, І. Ільф і многія другія.
У Лебедзеўскай школе таксама вучыліся паэты Рыгор Семашкевіч і Кастусь Цыбульскі.
Яўген Шыраеў (слайд 11), вядомы рускі вучоны, прафесар, доктар тэхнічных навук, на працягу многіх гадоў займаецца жывапісам і графікай. Фарміраванню Шыраева-вучонага паспрыяў Маскоўскі універсітэт імя Ламаносава. Акрамя сваей навуковай дзейнасці па праграмах Геалагічнага інстытута Расійскай Акадэміі навук, прафесар Шыраеў вядзе значную навукова-даследчую работу па гісторыі і этнаграфіі Беларусі. Прыкладам гэтага з’яўляецца кніга “Русь Белая, Русь Чорная і Літва ў картах”.
Прафесар, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыс Уладзіміравіч Кіт (слайд 12), працаваў настаўнікам матэматыкі і нямецкай мовы ў Лебедзеўскай школе ў пачатку 40- х гг. 20 ст. і быў жанаты на ўражэнцы нашай вёскі – Корсак Ніне. Тут у іх нарадзіўся першы сын – Уладзімір. Сам Барыс Кіт нарадзіўся 06.04.1910г. у Санкт-Пецярбургу. У 1918 годзе яго бацькі вяртаюцца на радзіму ў Карэлічы. У 1933 годе Барыс Кіт закончыў прыродна-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. Пасля вучобы працаваў выкладчыкам, дырэктарам, розных навучальных устаноў. Чым знакаміты Барыс Уладзіміравіч Кіт? Будучы ў ЗША (пачынаючы з 1948г.) ён працаваў у галіне касманаўтыкі. Барыс Уладзіміравіч сааўтар кнігі па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве, якая лічыцца першай у гісторыі касмічнай тэхнікі ў названым накірунку. Барыс Кіт прымаў таксама удзел у падрыхтоўцы праекта палёту амерыканскіх касманаўтаў на Месяц, садзейнічаў збліжэнню савецкага і амерыканскага касмічных агенстваў.
Народная артыстка Чувашыі Тамара Супоніна. Герой Сацыялістычнай Працы Калачык Уладзімір Міхайлавіч. Акадэмік Рагуновіч Васілій Пятровіч. У вёсцы Маліноўшчына нарадзіўся і вырас шведскі вучоны Трыпуцька Юрый. Гэта нашы землякі-выпускнікі Лебедзеўскай школы. На прыкладах жыцця і дзейнасці названых асоб мы, на базе музея, у час правядзення класных гадзін, урокаў памяці, ранішнікаў і іншых мерапрыемстваў, стараемся паказаць вучням іх сувязь з Радзімай, нацыянальным, што дазволіла ім стаць сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі нашай бацькаўшчыны, дасягнуць высокіх прафесійных поспехаў.
Доказам высокай культуры жыхароў мінулага Лебедзева з’яўляецца такія факты. У 19 ст. намаганнямі Зянона Цівінскага (паходзіць з старадаўняга лебедзеўскага роду) з мэтай паляпшэння санітарнага стану мястэчка была створана цэлая дрэнажная сістэма. У той час каналізацыі не існавала нават ў многіх буйных гарадах. Сам Зянон Дамінікавіч закончыў Маскоўскі універсітэт і быў вядомым акулістам. Яго добра ведалі ў Мінску, Вільні і Пецярбургу. Другі прадстаўнік роду – Іван Ігнатавіч Цівінскі распрацаваў праграму дапамогі бедным, арганізаваў Таварыства філантрапіі.
У старэйшых жыхароў нашай вёскі адчуваецца асаблівы гонар за тое, што яны менавіта лебедзеўцы, якія былі, ёсць і будуць працавітымі, духоўна багатымі і адукаванымі людзьмі. У час экскурсій экскурсаводы музея звяртаюць увагу на пералічаныя рысы характару нашых зямлякоў. Гэта добра спрыяе выхаванню патрыятызму ў нашых вучняў.
У розныя часы Лебедзева наведалі кампазітар Міхаіл Агінскі, мастак Іосіф Аляшкевіч, скрыпач Апалінарый Кіркор, паэты Дяніс Давыдаў, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот, Францішак Багушэвіч, Тамаш Зан (апошні ў 1846 годзе браў шлюб у мястэчку Лебедзева з Брыгідай Свентажэцкай, якая была родам з Маліноўшчыны), Тарас Шаўчэнка. Падчас працы Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне, беларускі пясняр часта бываў у бацькоў грамадскага дзеяча і педагога Андрэя Посаха. Рэвалюцыйныя выступленні сялян мястэчка Лебедзева ў 1905-1907 гг. ляглі ў аснову яго верша "Як не выйдуць чарнасотнікі", які быў надрукаваны ў газеце "Наша ніва" 28 жніўня 1908 года пад псеўданімам "Левы". Важна і тое, што Андрэй Посах быў першым, хто пазнаёміў Максіма Горкага з творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Тут бываў Браніслаў Тарашкевіч. Пацвярджае гэты факт карціна Кастуся Харашэвіча “Выступленне Браніслава Тарашкевіча на мітынгу ў 1926 годзе ў Лебедзеве”. І гэта далёка не ўвесь спіс знакамітых
людзей – тых, хто меў дачыненне да нашай вёскі.
У музеі “Спадчына” тры раздзелы: гістарычны, этнаграфічны і літаратурна-мастацкі. Гістарычны раздзел складаецца з 6 вітрын і 4 стэндаў: гісторыя вёскі, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, зброя часоў Вялікай Айчыннай вайны і інш. Этнаграфічны раздзел музея складаецца з пяці стэндаў; мастацка-літаратурны – з 3-х і адной вітрыны. Наведвальнікі музея "Спадчына" любяць затрымацца каля этнаграфічнага раздзела. Тут створана частка інтэр’ера сяланскай хаты мінулых часоў. Мы яго дапоўнілі макетам печы, што спрыяе праўдзівасці ўбачанага. Беларускае народнае адзенне, якое сфарміравалася ў працэсе развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, і якое сабрана і захоўваецца ў нашым музеі – цесна звязана з гісторыяй нашай мясцовасці і надзвычай яскрава адлюстроўвае нацыянальную спецыфіку нашага краю.
Музей налічвае 520 экспанатаў (273 асноўнага фонду).
Матэрыял этнаграфічнага раздзела музея актыўна выкарыстоўваецца пачатковай школай, дзе, акрамя агульнаадукацыйных прадметаў, вывучаюцца прадметы этнамастацкага цыклу. Настаўнікі пачатковых класаў праводзяць у музеі ўрокі і пазашкольныя мерапрыемствы з рознымі формамі работы: падарожжы па родным краі, віктарыны, знаёмствы, гутаркі і інш.
На базе музея арганізаваны гурток “Музеязнаўства”, які наведваюць 15 вучняў. Дзеці падрыхтаваны і праводзяць цікавыя экскурсіі.
Тэматыка экскурсій гісторыка-краязнаўчага музея “Спадчына” наступная:
1. Гісторыя вёскі Лебедзева
2. Знакамітыя людзі Лебедзеўшчыны (Генадзь Каханоўскі, Раман Семашкевіч, Рыгор Семашкевіч, Кастусь Цыбульскі, Яўген Шыраеў, Барыс Кіт і інш.)
3. Бытавая культура беларуса (хата, кут, адзенне, куфар…)
4. Воін-інтэрнацыяналіст Віктар Посах.
5. 75 год Перамогі савецкага народа ў ВАВ.
Акрамя экскурсійнай работы у музеі, удзельнікі гуртка "Музеязнаўства" актыўна займаюцца краязнаўствам. За апашнія гады яны некалькі разоў наведалі ваенна-гістарычны мемарыял “Лінія Сталіна”, Мастацкі музей горада Мінска, пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы, ездзілі ў Ліду, Навагрудак, Полацк, Нясвіж, Брэст, Белавежскую пушчу, Будслаў, Мосар, Глыбокае, і інш. мясціны.
Удзельнікі гуртка прымаюць удзел у рэстаўрацыйнай рабоце і сабіраюць новыя экспанаты. Самымі цікавымі экспанатамі музея з’яўляюцца: рэшткі маманта, калекцыя самавараў, сбор падручнікаў па матэматыцы дарэвалюцыйнага выдання, якія раней належылі заслужанаму настаўніку А.І.Зеновічу, арыгінальныя дакументы на валоданне зямлёй 30-х гг. 20 ст., царкоўная кніга сярэдзіны 19-га стагоддзя, дзе вялася рэгістрацыя шлюбаў, рэчы хатняга ўжытку, дакументы Г.А. Каханоўскага, Р.М. Семашкевіча і інш.
Члены савета музея пастаянна займаюцца пытаннем папаўнення фондаў музея (ён налічвае 520 экспанатаў: 273 асноўнага і 247 навукова-дапаможнага фондаў), арганізуюць вучобу экскурсаводаў, афармляюць альбомы (у музеі сабрана вялікая колькасць альбомаў, аформленых рукамі настаўнікаў, вучняў і выпускнікоў школы). Вось тэматыка гэтых альбомаў: “Летапіс Лебедзеўскай школы”, альбомы кожнага выпуску школы, пачынаючы з 1948 года па 2018 год, “Вершы, песні і частушкі пра вёску Лебедзева”, “Бабулін куфэрак” (дыялектныя словы Лебедзеўшчыны), “Жывёльны свет наваколля вёскі Лебедзева”, “Зоркі Лебедзеўскай школы”. Ёсць альбомы, прысвечаныя гісторыі навакольных вёсак: Асанаву, Маліноўшчыне, Мароськам і іншым. Асабліва цікавая гісторыя вёскі Маліноўшчына і яе сядзібы, якая раней належала роду Свентажэцкіх. Там быў прыгожы парк з незвычайных дрэў, дзе сярод стогадовых дубоў, соснаў, ялін гулялі лані, сарны, фазаны, канадскія індыкі, рысі. У маёнтку таксама размяшчаліся карціны вядомых мастакоў, бібліятэка, захавалася капліца, пабудаваная ў 1840 годзе.
Шмат у музеі альбомаў, аўдыё-відэакасет рознай тэтатыкі, прысвечаных Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнам. Гэта далёка не ўсё, што знаходзіцца ў нашым гісторыка-краязнаўчым музеі "Спадчына".
У музеі, альбо на аснове музейных матэрыялаў, вітрын і кампазіцый праводзяцца розныя мерапрыемствы і выставы: ранішнікі, такія як “Свет далёкі і блізкі маёй бацькаўшчыны”, завочнае падарожжа “Нібы сонца, асвяціў наш край”, якія прапагандуюць культурную спадчыну вёскі Лебедзева. У музеі таксама праводзяцца выставы кніг, карцін, сустрэчы з вядомымі людзьмі. Так, у нядаўнім мінулым у нашым музеі і школе пабывала вядомая беларуская пісьменніца Вольга Іпатава, якая прэзентавала кнігі “Альгердава дзіда” і “Грамадзянін Свету”, апошняя аб жыцці Барыса Кіта. Частым нашым госцем з'яўляецца Кастусь Цыбульскі, родныя і блізкія знакамітых выпускнікоў, якіх ужо няма ў жывых. Летам 2012 года наш музей наведалі госці з Ізраіля і перадалі ў фонды музея цікавыя матэрыялы аб гісторыі яўрэяў мястэчка Лебедзева. Мы падтрымліваем сувязь з “Рэспубліканскім фондам “Халакост”, Разанскім мастацкім музеем (РФ), Абласным краязнаўчым музеем і інш. арганізацыямі.
Гісторыя вёскі Лебедзева працягваецца і патрабуе збору і дапаўнення фондаў нашага музея новымі матэрыяламі, вывучэння таксама мінулага, бо тут ёсць “белыя плямы”. Наш зямляк і выпускнік Генадзь Каханоўскі ў сваей кнізе “Повязь часоў”, якая выйшла ў 1985 годзе, змяшчае невялікі нарыс пра Лебедзева, у якім ўзгадваецца галоўнае з гісторыі Лебедзева і Лебедзеўскай акругі. Ім жа ў 1987 годзе, да 600-годдзя Лебедзева, была надрукавана серыя матэрыялаў аб нашай мясцовасці ў раённай газеце "Святло камунізму". Ёсць матэрыялы і дакументы аб нашым аграгарадку і ў книзе “Памяць”. Аднак, за гэты час многае змянілася, сабраны і накоплены новыя матэрыялы і, напэўна, настаў момант, калі патрэбна пашыраць нашы веды новымі работамі пра наш аграгарадок. У 2016 годзе выйшла з друку кніга “Лебедзеўская сага”.
За апошнія гады былі падрыхтаваны даследчыя працы на тэмы: "Лебедзеўская Свята-Троіцкая царква", "Лебедзеўскі халакост", "Лебедзеўскае гарадзішча", "Вклад жителей д.Лебедево и окрестных деревень в Победу над фашизмом", "Нет героев от рождения, - они рождаются в боях", “Гісторыя вёскі Лебедзева ў мясцовых легендах і паданнях”, “Полковая икона – вера, история, мужество, героизм и забвение 14-го гренадёрского Грузинского полка”, “Гісторыя і асаблівысці маёнтка Маліноўшчына”, “Цацкі нашых продкаў”, “Акарына і Лебедзева” і інш. З названымі даследаваннямі вучні нашай школы: Апанасевіч Алена, Паршукова Рэгіна, Кугара Алена, Савіцкі Мікалай, Сігаева Паліна, Бялько Пётр, Кузін Ягор, Шумілаў Дзмітрый, Шумілава Настасся, Ляшчынская Надзея, Грыб Кацярына, Бельская Паліна, Шаўчук Ксенія і інш. прымалі ўдзел у навукова-даследчых і навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Усе работы былі адзначаны дыпломамі. Таксама, ў гэты перыяд, у "Маладзечанскай газеце" і "Рэгіянальнай газеце" друкаваліся артыкулы на гістарычную тэму аб нашым краі. Таксама, нашы матэрыялы балі выкарастаны пры падрыхтоўцы перадач пра Лебедзева на радыё і тэлебачанні. За апошнія гады падрыхтаваны новыя даследчыя работы: "Гісторыя Лебедзеўскай народнай харавой капэлы", "Аперацыя "Баграціён": цяжкасці яе правядзення на Лебедзеўшчыне і гераізм воінаў Чырвонай Арміі", "Лебедзеўскае гарадзішча і Лебедзеўскае селішча: гісторыя і асаблівасці", "Яўген Шыраеў: вучоны, мастак, гісторык ", "Гісторыя Лебедзеўскага касцёла, “Цацкі нашых продкаў”, “Першая сусветная вайна на Лебедзеўшчыне”. У час напісання даследчых работ, як правіла, для большай эфектыўнасці мы падключаем адпаведныя арганізацыі, ўстановы і прыватных асоб. Прыкладам такой дзейнасці можа служыць супрацоўніцтва з ОО “Республиканский Фонд “Холокост”, Маскоўскім саюзам мастакоў, 52-ім асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам узброеных сіл РБ, з прадстаўнікамі роду Свентажэцкіх, якія зараз жывуць у Канадзе, Польшчы і інш гарадах свету. Шмат інфармацы патрэбнай нам для даследчах работ знойдзена ў архівах Мінска, Масквы, Падольска і Вільні.
Работа, якая праводзіцца ў музеі, дазваляе маладому чалавеку з дня ў дзень адчуць і зразумець непаўторнасць тых мясцін, дзе нарадзіўся, той зямлі, на якой вырас і якую называюць Радзімай, і гонар за тых людзей, якіх дала наша мясцовасць!
свернуть